Валерый Каладзінскі: У Ванесы з дзяцінства характар пераможцы

11.10.2021

На Алімпійскіх гульнях у Токіа бронзавы медаль у жаночай барацьбе заваявала Ванеса Каладзінская. Да гэтай узнагароды яна ішла доўга і ўпарта, праз траўмы, хваробы, рэабілітацыю пасля родаў. Спартыўны характар і імкненне быць найлепшай у сваёй справе ў Ванесы закладзеныя на генетычным узроўні. Яе бацька Валерый Каладзінскі — галоўны трэнер зборнай Беларусі па спартыўнай гімнастыцы. Ён жартуе, што іншага выбару, акрамя спорту, у Ванесы не было. І менавіта ён ведае яе як ніхто іншы. Пра тое, як выхаваць паспяховую спартсменку і моцную асобу, Валерый Каладзінскі расказаў «Звяздзе».

— Валерый Вікенцьевіч, можаце згадаць, з якімі пачуццямі глядзелі выступленне Ванесы на Алімпійскіх гульнях у Токіа?

— Цяпер я гляджу яе выступленні больш спакойна, чым раней. Калі маладая была, хваляваўся за яе ногі — там жа праходы ў ногі, перакаты розныя. І я баяўся больш за здароўе, чым за вынікі. А гэтым разам быў спакойны, бачыў, што Ванеса ў добрай форме і добра настроена. Вядома, і за вынік хваляваўся. У барацьбе ў кожнай катэгорыі толькі 16 чалавек, і ўсе дастойныя, раз заваявалі алімпійскія ліцэнзіі. У Ванесы была цяжкая жараб'ёўка: у яе васьмёрцы — вельмі салідныя саперніцы. А ў другой толькі японка вельмі моцная. Я чакаў другога круга. Думаў, калі яна яго пройдзе, можна быць спакойным. Я здзівіўся, калі Ванеса ў чвэрцьфінале лёгка разабралася з індыянкай Вінеш Вінеш. Магчыма, была занадта добра падрыхтаваная... Ну а далей ужо як атрымалася.

— А можна быць занадта добра падрыхтаванай?

— Можна быць гатовым настолькі, што ажно будзеш звінець ці ўвогуле перагарыш. Чалавек можа быць у выдатнай форме, але дапусціць маленькае паслабленне канцэнтрацыі, што скажацца на выніку. Я ў гэтым плане фаталіст, у кожнага свой лёс. Усе думаюць, што чалавек сам гаспадар свайго жыцця, але лёс мацнейшы. І якія б станцыі і караблі ён ні будаваў, прыйдзе цунамі, і будзе катастрофа. Прырода, лёс мацнейшыя за чалавека.

— Успамінаецца булгакаўская размова Воланда і Берліёза на Патрыяршых прудах...

— Менавіта так. Мне вельмі падабаецца іншы выраз з «Майстра і Маргарыты» — «Ніколі і нічога не прасіце! Ніколі і нічога, асабліва ў тых, хто мацнейшы за вас. Самі прапануюць і самі ўсё дадуць!».

— Атрымліваецца, у Ванесы такі лёс — прайсці столькі выпрабаванняў і стаць алімпійскім прызёрам?

— Канешне, гэта лёс. Але ж ёсць яшчэ і гены, спадчыннасць. Яна вырасла ў спартыўнай сям'і. Адзін каментатар неяк сказаў, што з такім характарам Ванеса можа стаць чэмпіёнкай свету ў любым відзе спорту. І гэта сапраўды так. Сапраўды, да кожнага віду спорту павінна быць схільнасць. Але заўсёды перамагаюць розум і характар. Фізічныя, тэхнічныя здольнасці прыкладна ва ўсіх спартсменаў аднолькавыя, а чэмпіёны вылучаюцца характарам.

— Адкуль у вашай дачкі такі характар?

— З дзяцінства яна была хлопчыкам у спадніцы. Пакуль мы з яе мамай расцілі гімнастак, Ванеса расла з братам і бабуляй. Хлопчыкі па двары бегаюць, па агароджах лазяць, і яна за імі. Стас на чатыры гады старэйшы, і яна за ім цягнулася. У мамы Ванесы такі ж характар, нават больш жорсткі. У мяне па маладосці такі характар быў у спорце, але я гэта перарос. Ад мяне ў дачкі ўменне думаць галавой, а ўпэўненасць у сабе і сваіх сілах — ад маці. Дарэчы, гэтая ўпэўненасць крыху і падвяла яе ў паўфінале Алімпійскіх гульняў. Мне здаецца, Ванеса на падсвядомым узроўні вырашыла, што раз ёсць перавага, значыць, можна паглядзець на прапановы саперніцы. Яна раней кіравалася прынцыпам «біла, б'ю і буду біць». Бываюць такія спартсмены, якія ідуць напралом.

— Мабыць, для спорту гэта і нядрэнна?

— Гэта характар пераможцы. Мара кожнага трэнера — знайсці спартсмена з псіхалогіяй «кілера», пераможцы. Напрыклад, у беларускай спартыўнай гімнастыцы на маёй памяці толькі два такія спартсмены — Света Багінская і Віталій Шчэрба. Былі таленавітыя спартсмены, але характары пераможцаў мелі толькі двое. І ў Ванесы з дзяцінства характар пераможцы. Яна не ўмела прайграваць, грэбавала нейкімі парадамі. Дачка заўсёды ведала, што ёй рабіць, як атакаваць. Гэта яе асаблівасць.

— Як выхоўваць дзіця з такім характарам?

— Ванеса ніколі не дастаўляла нам праблем, не піла, не курыла, не хуліганіла. Яна з дзяцінства моцная, разумная асоба. Заўсёды адстойвала сваё меркаванне, свой характар, лічыла, што так будзе лепей для ўсіх. І жыццё даказала, што ў многіх момантах яна мела рацыю. Бацькі заўсёды думаюць, што ведаюць, як лепш. Але трэба аналізаваць, што кажа дзіця, і прымаць гэта да ўвагі. У нас не было праблем з выхаваннем Ванесы, бо яна не рабіла нічога, што нельга было б прыняць.

— Ванеса — татава дачка?

— Яна незалежны чалавек з самых ранніх гадоў. Ёй трэба было да бацькі — ішла да мяне. Трэба было да мамы — ішла да мамы. Абараніць сябе яна заўсёды магла сама. Вядома, калі здараюцца крыўды ці несправядлівасць, па-бацькоўску хочацца абараніць. Кожны чалавек будзе абараняць сваё дзіця. Але я і сваім дзецям, і спартсменам заўсёды казаў, што ў кожным канфлікце вінаватыя два бакі. І ў першую чаргу трэба пытацца ў сябе, што не так.

— Як лічыце, з такім характарам Ванеса можа стаць добрым трэнерам?

— Добрыя трэнерскія гены ў сына Стаса. Ён выдатны трэнер, аналітык, педант. З Ванесы атрымаўся б супертрэнер. Яна не такі аналітык, як Стас. Але ўмее працаваць галавой, усё планаваць, кантраляваць, ведае тонкасці фізічнай падрыхтоўкі. Але яна не хоча. І ў прынцыпе правільна робіць — трэнерская праца вельмі няўдзячная. Поспеху дасягаюць адзінкі, а фізічнай і нервовай нагрузкі вельмі шмат.

— Валерый Вікенцьевіч, чые выступленні вам глядзець цяжэй: сваіх спартсменаў альбо сваіх дзяцей?

— Аднолькава. Я блізка да сэрца ўспрымаю выступленні і дачкі, і вучняў. Таму і пасівеў рана. Але стараюся быць спакойным. Мне вельмі спадабалася інтэрв'ю Генадзя Габрыляна, трэнера Марыі Ласіцкенэ. Ён расказваў, што, калі Марыя дапускае памылку, ён пра гэта не кажа, а дае ёй практыкаванне, якое выправіць гэтую памылку. То-бок ён працуе на падсвядомасць. Вынік мы бачылі — «золата» Алімпійскіх гульняў. Як у народзе кажуць, «не галоўнае — вайна, галоўнае — манеўры». Важна ўсё расставіць, падрыхтаваць, а спартсмены ўсё зробяць самі.

— На сустрэчы алімпійцаў у аэрапорце Ванеса расказала, што жыць у спартыўнай сям'і цяжкавата. Што вы думаеце на гэты конт?

— Трэба ўлічваць, што ўсе людзі з чэмпіёнскім характарам вельмі амбіцыйныя, і кожны лічыць сябе прафесіяналам у сваёй справе. Не мной прыдуманы выраз «кожны лічыць сябе стратэгам, бачачы бой збоку». Лёгка казаць ці вучыць іншага, а самому паспытаць? Таму, канешне, Ванесе складана, што мы часам каментуем яе выступленні. Яна ж не проста так трэніруецца — яна ведае, куды ёй ісці. І я заўсёды ёй казаў, што чалавек нараджаецца і памірае ў адзіночку. Хочаш зрабіць добра — зрабі сам. Калі нехта дапамог, прыслухайся, падзякуй, але канчатковае рашэнне за табой. Таксама і ў спорце. Усе кажуць, што трэба слухаць трэнера, выконваць яго планы. Але ж я сам галоўны трэнер і разумею, што ўсё павінна ісці ад самога спартсмена.

— Вы заўсёды каментуеце яе выступленні?

— Па гарачых слядах — ніколі. Я ведаю, што ёй гэта не спадабаецца. Адразу я маўчу, а недзе праз тыдзень пачынаем абмяркоўваць. Пасля Алімпійскіх гульняў тры тыдні не заікаўся. Аднойчы яна нават прызнала сваю памылку, але звычайна ўсё робіць па-свойму. Ванеса заўсёды мае рацыю.

— Трэніровачныя планы вы складаеце разам з Ванесай?

— Яна разам са мной. Ініцыятыва павінна ісці ад спартсмена. На пачатку сезона мы садзімся і плануем усе старты. Яна раіцца па нейкіх пытаннях. Ёй часта кажуць: «Ты шмат трэніруешся, трэба зніжаць нагрузку». Але ж Ванеса сама разумее, што і калі рабіць, у яе ўсё распісана. Я нават сваім маленькім спартсменам кажу, што мама і тата нічога за іх не зробяць. І з дзяцінства вучу дзяцей думаць, чаму ты працуеш, навошта і як. Як у Гары Потэра: ён сам чараўнік, а ў яго ёсць настаўнікі. Вось я настаўнік для чараўнікоў.

— Выхоўваючы дзяцей, вы кіраваліся гэтым жа прынцыпам?

— Канешне. Мая мама была настаўніцай і часам мне казала, што я пешчу і не караю сына. А я казаў, што калі ён сам галавой не зразумее, што не мае рацыі, то пакаранне ні да чога добрага не прывядзе. Усё павінна ісці праз уласную галаву.

— Валерый Вікенцьевіч, вам не крыўдна, што дзеці не сталі займацца спартыўнай гімнастыкай, якой вы прысвяцілі сваё жыццё?

— Як прафесійнаму трэнеру крыху крыўдна. І ў Ванесы ў гімнастыцы было б пяць шанцаў заваяваць медаль — мнагаборства і чатыры снарады. А ў барацьбе толькі адзін шанц. Гімнастыка, асабліва жаночая, — самы цяжкі від спорту. Спартсменкі кожную хвіліну праз галаву перакульваюцца, шанцы ўпасці на шыю і атрымаць сур'ёзную траўму вялізныя. Ванеса свайго сына Савелія водзіць у школу «Колы славы» на спартыўную гімнастыку. Але я гэта не падтрымліваю. Гэта найскладанейшая праца. Яна лічыць, што ў гімнастыцы — дысцыпліна. Тут не пастаіш за спінай напарніка і пас не перадасі, усё самому трэба рабіць.

— Настаўнікі часта скардзяцца, што, выхоўваючы чужых дзяцей, не ўдзялілі досыць часу сваім. А як з гэтым справы ў трэнераў?

— Гэта і мая праблема таксама. Калі Ванеса была маленькая, я быў увесь у працы. У 1992 годзе яна нарадзілася, а ў 1996-м мы ўпершыню паехалі на Алімпійскія гульні суверэннай краінай. І чатыры гады я яе амаль не бачыў. І потым шмат часу праводзіў у зале. Аднойчы ва ўжо досыць дарослым узросце яна мне гэта выказала. Але Ванеса моцны чалавек, і, я думаю, такія сантыменты яна не прымае. Мы заўсёды знаходзілі час, каб пабыць разам. Калі я жыў у Аўстраліі, было цяжэй. Ужывую бачыліся толькі некалькі разоў, а так у асноўным усе зносіны былі па тэлефоне.

— Калі дапамагалі Ванесе вяртацца ў спорт пасля родаў, не шкада было дачку нагружаць?

— Якое там, ніякага шкадавання не было! Яна спартсмен, прыйшла на трэніроўку — трэніруйся. Каляску з Савеліем у залу прывезла — і пайшла трэніравацца. Малы заплакаў, я падышоў, супакоіў, і далей працаваць! Яна нават з ім на руках прэс качала. Яна ж сама сваё жыццё ў зале пачала. Ванеса — адзіная з маіх траіх дзяцей, каго я забіраў з раддома. Старэйшая нарадзілася, жонка ў акно паказала, і я на спаборніцтвы паехаў. Са Стасам такая ж сітуацыя. А Ванеса нарадзілася 27 снежня. Якія спаборніцтвы могуць быць? Да жонкі прыйшоў урач, сказаў, што ў нас здаровае дзіця, а ў раддоме вірус нейкі, таму трэба ехаць дадому, але нелегальна. Я пад'ехаў на машыне, жонка мне дачку праз акно на першым паверсе перадала. Сама выйшла і мы паехалі адразу ў залу. Было 30 снежня, там быў ранішнік. А ў мяне вялікі «стаж» працы Дзедам Марозам. Ну мы Ванесу прывезлі туды, а я пераапрануўся і пайшоў працаваць. Так усе мае дзеці і выраслі ў спартыўнай зале. І Савелій зараз там расце, і дзеці Рэнаты таксама.

— То-бок у Ванесы не было выбару, чым займацца?

— Можна і так сказаць. А я заўсёды казаў, што гэта не ў мяне трое дзяцей, а ў маёй жонкі. Але ж і мае спартсмены — мае дзеці. Памятаю, сядзім з Ленай Піскун у Італіі. У яе бяруць інтэрв'ю, пытаюцца пра бацькоў, яна расказвае пра маму. Пачынае гаварыць пра тату, а журналіст яе перабівае, кажа, што пра тату ўсё ведае, і паказвае на мяне: маўляў, вось жа ён. Атрымліваецца, што я шматдзетны бацька.

— Валерый Вікенцьевіч, да ўнукаў у вас іншае стаўленне, чым да дзяцей?

— Унукаў больш шкадуеш, абараняеш. А ад дзяцей больш патрабуеш. Савелій яшчэ той гарэза. З яго трэба пытацца, трымаць яго ў вожыкавых рукавіцах. Але, калі Ванеса на яго сварыцца, я нагадваю, што яна сама ў такім узросце яшчэ горш рабіла. Дысцыпліна патрэбная, але ўсё роўна шкадую.

— Валерый Вікенцьевіч, а часта вам удаецца ўдзяліць час самому сабе?

— Зараз стараюся актыўна гэтым займацца. Усё жыццё было вялікае нервовае напружанне, прыходзілася браць на сябе шмат адказнасці. Памятаю, у Аўстраліі я першы год працаваў асістэнтам трэнера з малымі. І разам з намі ў адным цэнтры аўстралійская зборная рыхтавалася да Алімпійскіх гульняў 2004 года. І мне так добра было — я назіраў з балкона, размаўляў з калегамі, галава амаль не балела. А тут столькі адказнасці, а я хачу проста спакойна пажыць. Аднак пакуль спакой нам толькі сніцца.

— Нашы дзеці будуць лепшыя, чым мы?

— Безумоўна. Я быў пасрэдны спартсмен з сярэднімі данымі. І мае дзеці мяне пераўзышлі. І гэта вельмі добра. Гэта прагрэс, так і павінна быць.

Валерыя Сцяцко, "Звязда"

Поделиться:

Интернет-ресурсы