Паралiмпiец Аляксандр Трыпуць. Чалавек, якога баяцца цяжкасцi

22.07.2021

Спорт у жыццi Аляксандра быў заўсёды, не перашкодзiла нават прыроджаная блiзарукасць, праз якую ён вучыўся ў спецыялiзаванай школе.

Спачатку ў прыярытэце быў бег на 400 метраў, а потым у жыццё гродзенскага хлопца iмклiва «ўляцела» кап'ё. Так i знайшоўся галоўны занятак — кiданне кап'я. У 2000 годзе ў Сiднеi на сваiх першых Паралiмпiйскiх гульнях ён заваяваў серабро ў кiданнi кап'я i чацвёртае месца ў шматбор'i. Праз два гады з-за траўмы на абодвух вачах адслаiлася сятчатка i левае вока канчаткова перастала бачыць. Аднак з паралiмпiяды 2004 года ў Афiнах Аляксандр вярнуўся з золатам у кiданнi кап'я i серабром у шматбор'i. Праўда, вяртанне было азмрочана мылiцамi — як i старажытнагрэчаскага героя Ахiла, Аляксандра падвяла ступня, якая зламалася падчас спаборнiцтваў.

У 2013 годзе Аляксандр прайшоў праз выпрабаванне, пасля якога iншы чалавек апусцiў бы рукi. Iншы, але толькi не ён. Шматлiкiя аскольчатыя пераломы пазваночнiка з пашкоджаннем спiннога мозгу i пералом шыi, выклiканыя падзеннем з чацвёртага паверха, кардынальна змянiлi жыццё Аляксандра. Далей пачалася гiсторыя, вартая сцэнарыя фiльма пра супергерояў. Шэраг бальнiц, чароды дактароў, дзевяць аперацый... i праз тры гады, у 2016-м, Аляксандр паехаў на Паралiмпiйскiя гульнi ў Рыа-дэ-Жанейра. Адтуль вярнуўся з бронзавым медалём, якi пацвярджае, што гэты чалавек можа ўсё.

«Мы ўсё пераадолеем»

Сёння Аляксандр Трыпуць рыхтуецца да Паралiмпiйскiх гульняў у Токiа, перанесеных на 2021 год. «Я вельмi засмуцiўся, калi Паралiмпiяду перанеслi. Усе спартсмены былi ў прыгнечаным настроi. Як нi круцi, алiмпiяда дае асаблiвае адчуванне, зусiм iншы падыход да работы. Тым больш пасля Рыа ў мяне засталася крыўда, што стаў толькi трэцiм, — мог бы змагацца за серабро, а то i за золата. Мне хочацца даказаць самому сабе, што я магу стаць чэмпiёнам на галоўных стартах, усе спартсмены да гэтага iмкнуцца. Зараз паступова набiраю форму, працую. Пакуль не было спаборнiцтваў, вырашыў прайсцi медыцынскае абследаванне. Аказалася, што на правым воку пачалося адслаенне сятчаткi. На шчасце, своечасова заўважылi i выправiлi гэта, дзякуй дактарам з клiнiкi Voka. Аб сабе заявiлi колiшнiя траўмы плячэй, рэбраў. Дактары нават раiлi зусiм не рухаць левай рукой. Але ж для мяне гэта немагчыма, прыйшлося вытрымаць шмат медыцынскiх працэдур. Здавалася б, спаборнiцтваў няма, а траўм больш, чым калi яны ёсць. Спадзяюся, мы ўсё гэта пераадолеем. Я нават працую з псiхолагам, каб не страцiць сваю псiхалагiчную форму i баявы настрой, такi неабходны напярэдаднi Паралiмпiйскiх гульняў», — расказвае Аляксандр.

Больш за ўсё на псiхалагiчную i фiзiчную форму ўплывае адсутнасць спаборнiцтваў. Там Аляксандр цалкам адчувае сябе ў сваёй стыхii i нават сур'ёзныя траўмы, атрыманыя падчас турнiру, не перашкаджаюць. У лютым 2019 года на Сусветных гульнях сярод людзей з абмежаванымi магчымасцямi ў Аб'яднаных Арабскiх Эмiратах ён перамог з рэкордам Еўропы. I гэта — з страсеннем мозга: «На чэмпiянат свету я прыехаў у гiпсе — зламаў нагу. Выступаць з гiпсам нязручна, калi садзiшся на стул, змяняюцца адчуваннi, рухi. Але неяк прывык да гэтага. А на трэнiроўцы ўпусцiў штангу i атрымаў страсенне мозга. Потым не разумеў, чаму ў мяне ванiты, кружыцца галава. Побач не было доктара, з якiм мог бы параiцца. Праз некалькi дзён сустрэўся з сяброўкай з Аўстрыi, яна прывяла да мяне ўрача, якая i паставiла дыягназ. Але нават з няслабым страсеннем мозга выступiў даволi нядрэнна. Тады наша пяцёрка размясцiлася вельмi блiзка адзiн ад аднаго. Кожны мог стаць як першым, так i пятым. Не было жараб'ёўкi. Я, як першы ў рэйтынгу, павiнен быў выступiць апошнi, але мяне паставiлi першым. I патрэбна было адразу выканаць усе шэсць спроб. Ад гэтага зацiснуўся, хваляваўся, а то мог бы кiнуць i далей».

Пераможнiк Паралiмпiйскiх гульняў 2016 года ў кiданнi кап'я грэк Манолiс Стэфанудакiс кiнуў снарад на 29 метраў. За чатыры гады Аляксандр Трыпуць пераўзышоў гэты паказчык: «На спаборнiцтвах я ўжо кiдаў i за 29, i за 30 метраў. Таму ў Токiа будзе цiкавей, чым было ў Рыа. Раней паралiмпiйскi спорт называлi фестывальным, але зараз мы ўжо пацвердзiлi свой высокi спартыўны ўзровень. Неяк прапанаваў здаровым спартсменам кiнуць кап'ё з майго крэсла. Яны не ставiлi ногi, каб не абапiрацца на iх, i старалiся не дапамагаць сабе корпусам. Нiхто нават не прыблiзiўся да майго паказчыка. У мяне зусiм iншая тэхнiка i спецыфiка кiдання. Адразу пасля траўмы я спрабаваў кiдаць кап'ё як раней, але прыйшлося перавучвацца».

Аляксандр Трыпуць упэўнены, што заканчваць спартыўную кар'еру патрэбна на пiку. «З цягам часу будуць з'яўляцца новыя спартсмены. I калi я не буду паказваць вынiкi, пра мяне хутка забудуць, такое часта здараецца. А тых, хто сышоў на пiку, памятаюць доўга. Ды i пажыць хочацца, адпачыць. Я ўсё роўна не змагу без спорту, нават падчас адпачынку цягне пазаймацца. Таму пытанне аб заканчэннi кар'еры пакуль застаецца адкрытае. Паглядзiм, як усё атрымаецца ў Токiа», — разважае Аляксандр.

«Вялiкi дзякуй усiм»

Не страцiць бадзёрасць i сiлу духу Аляксандру дапамагаюць сябры. Ён нават жартуе, што пра iх можна напiсаць цэлую кнiгу. Але непасрэдна перад выступленнем любiць пабыць адзiн, настроiцца. Трэба i ўважлiва сачыць за тым, каб нiчога не забыць, — у паралiмпiйскiм спорце дробязяў не бывае. Дарэчы, з неабходным iнвентаром дапамагаюць таксама сябры.

Так, сяброўства з гандбалiстамi зрабiла Аляксандра першапраходцам. Для таго каб кiнуць кап'ё, спартсменам неабходна адной рукой моцна трымацца за спецыяльную жэрдку. Каб рука не слiзгала, Аляксандр мажа яе спецыяльнай мастыкай, якую выкарыстоўваюць гандбалiсты. «Калi напружваць руку, якой трымаешся за жэрдку, напружваецца i рука, што кiдае кап'ё. З мастыкай пальцы прыклейваюцца, а рука не напружваецца, адпаведна, i другая больш расслабленая. Дарэчы, гэта маё ноу-хау, у сваiх сапернiкаў я мастыкi пакуль не бачыў», — дзелiцца спартсмен.

Зручнае для выступлення крэсла з'явiлася таксама дзякуючы сябрам. З гэтым дапамагло кiраўнiцтва Гродна. Па словах Аляксандра, такога крэсла больш нi ў кога няма. Яно лёгкае, зручнае i хутка складваецца ў спецыяльны чамадан, што вельмi важна для пастаянных раз'ездаў. Тым больш што зроблена яно поўнасцю «пад Аляксандра». Родны горад дапамагае спартсмену ў арганiзацыi вучэбна-трэнiровачных збораў i наогул, як расказвае Аляксандр, заўсёды iдзе насустрач.

«Мне пашанцавала з людзьмi, якiя побач. Я заўжды магу на iх разлiчваць. Мяне падтрымлiваюць Нацыянальны Паралiмпiйскi камiтэт, Рэспублiканскi цэнтр алiмпiйскай падрыхтоўкi па паралiмпiйскiм i дэфалiмпiйскiм вiдах спорту. Рэспублiканскi навукова-практычны цэнтр спорту клапоцiцца аб маiм здароўi. Я падтрымлiваю добрыя адносiны з Беларускай федэрацыяй лёгкай атлетыкi. Былы старшыня Вадзiм Дзевятоўскi мне часта дапамагаў з экіпiроўкай, i на ўсiх спаборнiцтвах было вiдаць, што я прадстаўляю краiну. Мае коп'i адрознiваюцца ад коп'яў здаровых спартсменаў, яны важаць 600 грамаў i менш жорсткiя. I федэрацыя заўжды заказвала патрэбныя мне коп'i. Сённяшнi старшыня федэрацыi лёгкай атлетыкi Iван Цiхан не толькi мой сябар, але i зямляк. Спадзяюся, у Токiа ў нас з iм усё атрымаецца. Калi прыязджаю ў Мiнск, трэнiруюся ў манежы РЦАП па лёгкай атлетыцы, яны таксама садзейнічаюць, жыву ў гасцiнiцы «Спорт-тайм», дзе мне крыху дапамагаюць наладзiць быт», — расказвае суразмоўца.

Аляксандр прызнаецца, што яму хацелася б прыцягнуць больш увагi да паралiмпiйскага спорту ў краiне. У Аб'яднаных Арабскiх Эмiратах i ў Германii ёсць спартыўныя клубы, дзе маецца ўсё неабходнае для паралiмпiйцаў i дзе яны могуць працаваць круглы год. Было б выдатна, калi б нешта падобнае з'явiлася i ў Беларусi. «Я не магу скардзiцца на тое, што мяне не падтрымлiваюць. Вялiкi дзякуй усiм. Адзiнае — хацелася б часцей выязджаць на спаборнiцтвы. Добра, што ў мяне ёсць спонсары, кампанiя McDonald's аплачвае мае пераезды i пражыванне на спаборнiцтвах. Я эканомлю дзяржаўныя грошы i адначасова прадстаўляю краiну, сваiмi поспехамi павышаю яе прэстыж. Але ў параўнаннi са здаровымi спартсменамi мы вельмi мала выступаем. Таму хацелася б, каб у паралiмпiцаў было больш стартаў», — дзелiцца думкамi спартсмен.

Сваiм прыкладам Аляксандр Трыпуць даказвае, што ў жыццi заўсёды ёсць месца для подзвiгу, нават калi гэты подзвiг — проста жыць i займацца сваёй справай. Але сам ён да гэтага ставiцца спакойна: «Мне вельмi прыемна, калi за мяне хварэюць i перажываюць. Мне пiшуць шмат лiстоў, дасылаюць паштоўкi, асаблiва дзецi, i я ўсё захоўваю. Але, з iншага боку, з'яўляецца вельмi шмат зайздроснiкаў. Чамусьцi некаторыя думаюць, што раз у мяне ёсць спонсары, я выступаю, то на мяне сыплюцца грошы i розныя прэферэнцыi. Канешне, гэта непрыемна. Я не люблю плакацца, але... Людзi не разумеюць, праз што я праходжу кожны дзень. З нараджэння ў мяне дрэнны зрок, iнвалiднае крэсла таксама прыносiць мала задавальнення. Вялiкi дзякуй дактарам i майму характару, што я не апусцiў рукi i працягваю жыць. Але нiяк не магу зразумець, чаму тут зайздросцiць. Стараюся не звяртаць на падобнае ўвагу i канцэнтруюся на сябрах, родных, якiя заўсёды за мяне. I, канешне, настройваюся на паралiмпiаду, зараз усе думкi толькi аб ёй», — прызнаецца Аляксандр.

«Не магу жыць без спорту»

У вольны час, якога цяпер вельмi мала, спартсмен любiць пагуляць па горадзе, паглядзець нешта новае. Але нават сваiм адпачынкам ён выконвае важную сацыяльную ролю — звяртае ўвагу на праблему безбар'ернага асяроддзя. Па яго словах, з кожным годам яно ўдасканальваецца: «Прыклад безбар'ернага асяроддзя — стадыён «Дынама». Праўда, на яго адкрыццi пасля рэстаўрацыi прыйшлося сутыкнуцца з праблемным лiфтам — каб ён ехаў, даводзiлася пастаянна нацiскаць кнопку. У наступны раз лiфт увогуле не працаваў, але цяпер усё нармальна. Лёгкаатлетычны манеж у БДУФК для мяне зручны. У Мiнску яшчэ шмат месцаў, дзе трэба ўдасканалiць безбар'ернае асяроддзе, але я бачу прагрэс. У маiм родным Гродне ўвесь цэнтр абсталяваны пандусамi i нiзкiмi бардзюрамi, што мяне вельмi радуе». Акрамя прагулак па горадзе i сустрэч з сябрамi, Аляксандр захапляецца лiтаратурай, аддаючы перавагу аўдыякнiгам. Дарэчы, любiмым творам спартсмен лiчыць «Людзi на балоце» Iвана Мележа.

Гiсторыя Аляксандра ставiць толькi адно пытанне — адкуль у яго столькi матывацыi i сiлы? Адказ, як i ўсё, што звязана з гэтым чалавекам, моцны: «Я 22 гады ў спорце i ўжо не магу без яго жыць. Мяне заўжды цягне на фiзiчную актыўнасць. Для мяне нават выехаць у горад i пакруцiць колы крэсла — ужо фiзiчная нагрузка. Нiхто са спартсменаў не хоча быць статыстам, усе iмкнуцца быць лепшымi. Але пры гэтым нельга забываць супрацоўнiчаць з урачамi i клапацiцца аб сваiм здароўi. Дзякуй богу, што ў нас больш людзей, здольных падтрымаць i не ўтапiць. I таму мая, бадай, цi не галоўная, матывацыя ў тым, каб дапамагаць людзям цi парадай, цi проста сваiм прыкладам».

Валерыя СЦЯЦКО

Падзяліцца:

Інфармацыйныя рэсурсы