«Рашэнне адхіліць нашых паралімпійцаў ад Гульняў несправядлівае»

11.03.2022

Перад стартам ХІІІ зімовых Паралімпійскіх гульняў у Пекіне да беларускіх і расійскіх спартсменаў не было ніякіх пытанняў. Міжнародны Паралімпійскі камітэт не выстаўляў дэлегацыям ніякіх прэтэнзій. А рашэнне аб адхіленні беларусаў і расіян ад удзелу ў Гульнях несправядлівае і неправамернае. Пра гэта заявілі прадстаўнікі Нацыянальнага паралімпійскага камітэта на адмысловай прэс-канферэнцыі.

«Прэзідэнт Міжнароднага паралімпійскага камітэта Эндру Парсанс падкрэсліваў, што прытрымліваецца нейтралітэту і будзе прытрымлівацца ўстаноўленых законаў. Мы сустракаліся з украінскімі калегамі, і ў нас не было ніякіх праблем, толькі дзелавыя адносіны, нават калі ўжо было абвешчана аб спецаперацыі. Але прэзідэнт украінскага паралімпійскага камітэта разаслаў лісты з просьбай адхіліць беларускіх і расійскіх спартсменаў. Склікаў прэс-канферэнцыю, на якую амаль нікога не запрасіў. І гэтыя дзеянні паўплывалі ўжо на другое рашэнне міжнароднага паралімпійскага камітэта. Усе былі проста шакаваныя гэтым рашэннем, нам нават не далі шанцу неяк абараніцца», — расказаў генеральны сакратар Нацыянальнага паралімпійскага камітэта Мікалай Шудзейка. На Гульнях ён быў шэфам місіі.

Як вядома, спачатку беларускім і расійскім спартсменам дазволілі выступаць на Паралімпіядзе ў нейтральным статусе. Але ранкам наступнага дня было прынята рашэнне аб поўным адхіленні каманд. У сілу яно ўступіла адразу пасля апублікавання. Паралімпійскі камітэт Беларусі накіраваў ліст на адрас кіраўніка Міжнароднага паралімпійскага камітэта са сваім бачаннем гэтай сітуацыі. У ім, у прыватнасці, гаворыцца, што рашэнне аб адхіленні ад Гульняў абсалютна несправядлівае і найперш ударыла па спартсменах, якія гадамі рыхтаваліся да галоўных стартаў чатырохгоддзя.

«Ва ўсіх дакументах было ўказана, што звярталіся нацыянальныя паралімпійскія камітэты, а не спартсмены. Спартсмены напэўна разумелі, колькі было затрачана сіл. І забараняць выступаць толькі на падставе нацыянальнасці несправядліва. Да нас падыходзілі японцы, італьянцы, усё разумелі, што было няправільнае рашэнне», — дадаў Мікалай Шудзейка.

Старшыня Нацыянальнага паралімпійскага камітэта Алег Шэпель звярнуў увагу на два прынцыповыя моманты. Па-першае, у афіцыйнай заяве сказана, што пад пагрозай знаходзіцца бяспека ўсіх спартсменаў. Але за бяспеку адказваў кітайскі бок, які гарантаваў, што ўсё будзе добра. Па-другое, адзначаецца напружаная абстаноўка ў алімпійскай вёсцы. Але, па словах Алега Шэпеля, ні аднаго прадстаўніка Міжнароднага паралімпійскага камітэта там не было і ніхто не глядзеў, якая там насамрэч абстаноўка.

«Спартсмены — не палітыкі. Навошта іх уцягваць у гэтую палітыку? Людзі з абмежаванымі магчымасцямі прыехалі спаборнічаць, а іх гэтага пазбавілі. Вельмі дрэнна, што гэта закранула менавіта спартсменаў. Калі нешта не падабаецца, вышліце кіраўнікоў. Але калі гэта датычыцца людзей, якія чатыры гады напружваліся, як рабы на галерах, — гэта абсурд. Яны адкрылі скрыню Пандоры. Цяпер кожныя паралімпійскія гульні арганізатары будуць чакаць з уздрыгваннем, зараз усё можна, на законы можна не глядзець. Мы адназначна супраць палітыкі ў спорце. Раней спорт быў з элемэнетамі палітыкі. Але зараз спорту проста няма, а толькі палітыка», — заявіў Алег Шэпель.

Першы намеснік міністра спорту і турызму Вячаслаў Дурноў падкрэсліў, што палітыка ў спорце павінна быць толькі ў адным выпадку: калі на турніры ўзнімаецца сцяг і гучыць гімн, каб усе разумелі, якая краіна перамагла. Ён расказаў, што Міністэрства спорту і турызму адпрацоўвае пытанне, як напоўніць каляндар беларускіх спартсменаў спаборніцтвамі ў краінах СНД, Расійскай Федэрацыі. «Я ўпэўнены, што мы напоўнім каляндар нашых спартсменаў, каб яны павышалі сваю кваліфікацыю. І калі ўсё вернецца ў звычайнае рэчышча, упэўнены, клас нашых спартсменаў мы яшчэ пакажам. Я думаю, што ад гэтага пацерпіць уся сістэма спорту. Але будзем спадзявацца, што здаровы сэнс пераможа», — сказаў Вячаслаў Дурноў. Ён адзначыў, што захоплены нашымі паралімпійцамі, іх сілай духу, вытрымкай і верай у сябе. Цікавы факт: вяртаючыся дадому, спартсмены спявалі беларускія песні ў аэрапорце.

Цяжка ўявіць, што адбываецца ў душы спартсменаў, якіх пазбавілі галоўных стартаў. Трохразовая чэмпіёнка Паралімпійскіх гульняў па лыжных гонках і біятлоне Святлана Саханенка прызналася, што поўнае ўсведамленне таго, што адбылося, яшчэ не наступіла. Пакуль на душы пачуццё незавершанасці, неразумення і крыўды.

«Беларусь і Расія дыктуюць лідарства ў нашых відах спорту. Рост вынікаў паказвае, што мы вельмі моцныя і можам складаць канкурэнцыю. Як аказалася, не ўсім гэта падабаецца. Нас ударылі па самым хворым, нас пазбавілі таго, чаго мы вартыя. Мяне абурае, што Міжнародны паралімпійскі камітэт не абараніў сваіх спартсменаў. Мы такія ж спартсмены, як і ва Украіне. Камусьці можна быць абароненымі, а камусьці — не. Гэта несправядлівасць і няроўнасць. Гэтак не павінна быць. Паралімпійская сям'я павінна за сваіх спартсменаў трымацца, там усе аднолькавыя. Ёсць лыжная траса, дзе кожны спаборнічае і паказвае сваё майстэрства. Але нам яшчэ вырашылі паказаць, што ёсць і іншая барацьба. Нам застаецца толькі быць моцнымі і даказваць, што нас не зламаць», — эмацыянальна падзялілася Святлана Саханенка. Яна таксама прызналася, што са слязамі на вачах глядзела спаборніцтвы Паралімпійскіх гульняў.

Аднак шанц даказаць сваё майстэрства ў беларускіх спартсменаў будзе. Яны прымуць удзел у альтэрнатыўных Паралімпійскіх гульнях «Мы разам. Спорт». Турнір адбудзецца з 16 да 21 сакавіка ў расійскім Ханты-Мансійску. Плануецца, што, акрамя каманд Беларусі і Расіі, будуць удзельнічаць і іншыя краіны. Беларусь прадставяць тыя ж спартсмены, якія павінны былі змагацца за ўзнагароды Гульняў у Пекіне і, магчыма, найбліжэйшыя рэзервісты. Гэты турнір стане своеасаблівым кампенсаваннем фізічных і маральных затрат беларускіх паралімпійцаў.

Па словах Святланы Саханенкі, гэта правільнае рашэнне: «Паралімпійскі медаль нічога не заменіць. Але нам аддалі даніну павагі і далі магчымасць выступіць у альтэрнатыўных спаборніцтвах. Дзякуй, што нас падтрымалі, што мы не адны. Самае галоўнае, што нашы блізкія жывыя і здаровыя. А мы будзем далей рыхтавацца і змагацца за сваю краіну і за тое, якія мы людзі».

Валерыя СЦЯЦКО, газета "Звязда"

Падзяліцца:

Інфармацыйныя рэсурсы