Министерство спорта и туризма Республики Беларусь
Одно окно
 220030, г. Минск, ул. Кирова, 8, кор. 2
(017) 2004966; 327-76-22 (факс) 
info@mst.gov.by; tourism@mst.gov.by
 
Главная / СМИ о нас

Юрый Шаўцоў: У мяне ніколі не ўзнікала жадання кінуць спорт

Звычайна такія інтэрв'ю робяцца з нагоды юбілеяў. Але думкі знакамітых, аўтарытэтных людзей цікавыя і карысныя ў любы час. Юрый Шаўцоў — менавіта такі чалавек, які ўсё жыццё прысвяціў сваёй справе — гандболу. Імя алімпійскага чэмпіёна 1988 года непарыўна звязана з гісторыяй непераможнага мінскага СКА, дзе ён раскрыўся як выдатны гандбаліст. Вучань легендарнага Спартака Мірановіча пасля заканчэння спартыўнай кар'еры таксама пачаў трэніраваць. І даказаў, што выдатны спартсмен можа стаць высакакласным трэнерам. Сваю трэнерскую кар'еру Шаўцоў пачынаў з нямецкага клуба «Блаў-Вайс-Шпандаў», за які сам калісьці выступаў два сезоны. З 2009 года Юрый Шаўцоў узначальвае нацыянальную мужчынскую зборную. Дзякуючы яму каманда неаднаразова прабівалася ў фінальныя стадыі чэмпіянатаў Еўропы і свету, была ў кроку ад алімпійскай ліцэнзіі.

З нагоды нядаўніх чэмпіянату свету па гандболе і адборачных матчаў да чэмпіянату Еўропы-2022 Юрый Шаўцоў зноў у цэнтры ўвагі.

«Я ніколі не быў талентам — усяго дасягнуў працай»

Няўдалая музыкальная кар'ера. У дзяцінстве я год займаўся ў музычнай школе па класе акардэона. Гэта была ідэя маіх бацькоў, яны хацелі даць мне класічную адукацыю, якая прадугледжвала ігру на музычным інструменце. Але мой музычны слых не тое што на нулі, ён у мінусе. І калі бацькам пазванілі з музычнай школы з пытаннем, чаму я не прыходжу на заняткі, яны зразумелі, што гэта не маё. Але «маё» мяне знайшло: сябар запрасіў у секцыю гандбола, і я там застаўся.

Шчаслівы выпадак і праца. У маім жыцці было шмат спартыўнага шчасця. Мой бацька займаў высокую пасаду і яго часта пераводзілі ў розныя гарады. Я пачаў займацца гандболам у Чавусах, але праз перавод бацькі наша сям'я пераехала ў Слуцк. І мой трэнер прыехаў у Слуцк угаворваць бацькоў адпусціць мяне ў інтэрнат, каб я мог займацца гандболам. Мама не хацела мяне адпускаць, але тата прыняў валявое рашэнне і пагадзіўся. Гэта быў шчаслівы выпадак. Магчыма, калі б бацька сказаў «не», у мяне б не склалася такая кар'ера. Ды яшчэ мой першы трэнер Уладзімір Шагунін зрабіў такі крок. Не ведаю, чаму ён так паступіў, што ён ува мне ўбачыў. Калі б я ацэньваў сябе ў той час, то трэнер Шаўцоў гульца Шаўцова нікуды б не ўзяў.

Я ніколі не быў талентам. Усё, чаго я дасягнуў, стала магчыма дзякуючы працы. Мне пашанцавала, што маім трэнерам быў Спартак Мірановіч. Мне пашанцавала сустрэць патрэбных людзей, якія, у адрозненне ад мяне самога, ува мне штосьці бачылі. І працуючы з такімі людзьмі, выдатнымі спецыялістамі, мне ўдалося зрабіць кар'еру і трапіць у нацыянальную зборную СССР, куды было вельмі цяжка ўвайсці. Нас было па чатыры, а то і па пяць чалавек на месца, два маіх сапернікі былі алімпійскія чэмпіёны. Без цяжкай працы ўвайсці ў нацыянальную савецкую зборную і там сябе праявіць было немагчыма.

Эфектыўная сістэма. Калі я прыйшоў у мінскі СКА, вялікі трэнер Спартак Мірановіч прыдумаў новую сістэму. Пачаліся цяжкія трэніроўкі па тры разы на дзень, Спартак Пятровіч хацеў праводзіць па чатыры трэніроўкі. І ў нашу каманду, якая працавала ў такім рэжыме, не хацелі прыходзіць гульцы. Але гэта прынесла поспех — значыць, такая методыка была правільная. Калі б я цяпер даў камандзе такія трэніроўкі, яны, мякка кажучы, мяне не зразумелі б. Цяпер не толькі ў спорце, але і ва ўсім свеце назіраецца тэндэнцыя да таго, каб рабіць усё, што рабілі раней, прыкладаючы менш намаганняў. Свет развіваецца, удасканальваюцца тэхналогіі і методыкі, усё ідзе наперад.

«А вы хутчэй бегаць не можаце?»

Беларуская і нямецкая гандбольныя школы. У савецкі час, дзякуючы вялікім аб'ёмам работы, інтэнсіўным трэніроўкам, магчымасці трэніравацца два ці тры разы на дзень, наш гандбол быў вышэйшы па тэхніцы, па сіле. І калі мы выязджалі на спаборніцтвы, нас баяліся. Але я не памятаю выпадкаў, каб мы баяліся сваіх сапернікаў. Мы іх паважалі, аднак былі цвёрда ўпэўненыя ў сваіх сілах. І ніколі не было каманды, у якой ніяк не ўдавалася выйграць. Усё гэта было напрацавана потам і крывёю.

З цягам часу з'явіліся новыя методыкі і тэхналогіі, якія актыўна прымяняюцца на Захадзе. Але яны арыентуюцца менавіта на нашу сістэму трэніровак, выкарыстоўваючы яе ў лягчэйшай форме з іншымі падыходамі. Такім чынам яны затрачваюць менш сіл і энергіі. І так мы памяняліся месцамі. Сёння заходнія каманды — заканадаўцы мод, а мы іх даганяем, таму што патэнцыял методык і навацый у іх значна вышэйшы, чым у нас. Калі я працаваў у Бундэслізе ў Германіі, толькі ў адной камандзе трэнерскі штаб складаўся з дзесяці чалавек. І там пастаянна трэба было прымяняць штосьці новае.

Гандбол тады і цяпер. Неяк на зборы я ўключыў гульню з маім удзелам. Я даўно не бачыў, каб мая каманда так смяялася. Ва ўсіх было адно пытанне — «А вы хутчэй бегаць не можаце?» А мы тады былі самай хуткай камандай, цяпер так бегаюць усе. Выраслі хуткасці, гульцы сталі больш магутныя. У спорце, як і ва ўсім свеце, усё ідзе наперад і мяняецца. Сучасны гандбол больш хуткі і моцны, чым быў раней.

Найлепшыя гандбалісты. Добрыя гульцы былі заўсёды, у любы час. Таму мне цяжка кагосьці асабіста вылучыць. Магу назваць аднаго гульца, у якога не склалася звышнатуральная кар'ера, але гэта быў выдатны гандбаліст, — Уладзімір Бялоў.

«Я ўсё ведаю наперад»

Трэнер — адзіночка. Часта кажуць, што «трэнер разам з камандай». Але насамрэч гэта няпраўда, трэнер заўсёды адзін. У пройгрышы вінаваты трэнер. А чаму не каманда? Але пры перамозе трэнер разам з камандай. Таму я лічу, што трэнер — гэта адзіночка. Ён працуе самастойна, але ў яго ёсць каманда. І трэнер, які добра выконвае сваю работу, дае гульцу ўсё, што ведае і ўмее сам. Для таго каб у члена каманды ўсё атрымлівалася, ён павінен верыць трэнеру. Тады атрымліваецца добрая сумесная работа, гэта прадэманстравана і даказана практыкай. А потым гульцы сыходзяць, трэнер набірае новых і працягвае працаваць далей.

Канфлікты. Я так даўно на трэнерскай рабоце і столькі прайшоў, што для мяне тут больш не існуе сюрпрызаў ці сакрэтаў. І калі ў камандзе здараюцца канфлікты, я ведаю, як яны будуць развівацца. Бо яны часцей за ўсё паўтараюцца з рознымі ўдзельнікамі. А канфлікты паміж трэнерам і камандай ёсць заўсёды, часам яны выходзяць за межы рабочага працэсу, часам — не. Але ў любога трэнера, у любой камандзе ёсць канфлікты. У мяне часта пытаюцца, як мне ўдаецца працаваць, не павышаючы голас на спартсменаў. А я не ведаю, што на гэта адказаць. Не раблю нічога звышнатуральнага, не раблю ніякіх намаганняў над сабой. Мабыць, у мяне проста такі характар.

Моладзь. У нас расце добрая моладзь. Кожны жыве ў свой час, у сваю эпоху, і ў кожнага часу свая генерацыя. У мой час мы не мелі столькі магчымасцяў, якія ёсць цяпер. У нас былі свае інтарэсы, захапленні. У сучаснай моладзі — іншае жыццё. Я лічу, некарэктна казаць, што ў нас «не тая моладзь». Яна добрая, проста да кожнага пакалення трэба знайсці свой падыход.

«Я хацеў бы, каб унукі былі спартсменамі»

Крытыка і хэйт. Стаўлюся да крытыкі як да адной з частак маёй работы. Я прыходжу на трэніроўку — я працую. Мяне крытыкуюць — ну, гэта мая работа. Да форумаў, дзе так шмат крытыкаў,  увогуле стаўлюся спецыфічна. Я вырас у СССР, і тады гэта называлася «ананімкай». Цяпер людзі падпісваюцца псеўданімамі і могуць пісаць што заўгодна, абражаць. Я гэта бачу як новую форму «ананімкі». Я за тое, каб людзі выступалі адкрыта, не хавалі свайго прозвішча. Таму форумы  не чытаю, для мяне гэта табу.

Аўтарытэт. Не магу сказаць, што ў мяне ёсць аўтарытэт. Няма ідэальных людзей. Няма людзей, якія жывуць без памылак, іх робяць усе. І з вопыту жыцця ведаю, што варта прыслухоўвацца да ўсіх (калі гэта не форум, вядома). А потым адбіраць, што патрэбна, а што — не.

Эмацыянальнае выгаранне. У мяне ніколі не было думкі цалкам кінуць спорт. У сваёй сям'і я адзін маю дачыненне да спорту. І не ведаю, чым бы яшчэ мог займацца. Ды я ўжо прафесіянал у сваёй справе і больш нічога не ўмею. Ніколі не хаваў, што спорт — маё прызванне, і мне пашчасціла яго знайсці.

Акрамя гандбола. Трэнерская работа — вельмі напружаная, таму трэба неяк адпачываць. Пакуль дазваляла здароўе, я бегаў. Цяпер катаюся на веласіпедзе, магу праехаць 40—50 кіламетраў. Сачу за тым, што адбываецца ў спорце. Спаборніцтвы, дасягненні, навацыі — мне ўсё цікава.

Кнігі. Я чытаю шмат спартыўнай літаратуры, кнігі знакамітых спартсменаў, кнігі па псіхалогіі. Такая літаратура падыдзе не кожнаму. Увогуле, мне здаецца, што апошнім часам людзі мала чытаюць, усе жывуць у інтэрнэце. Памятаю, у Азіі ехаў у метро. У вагоне было шмат людзей і не было ніводнага чалавека без тэлефона ў руках. Мне стала так цікава: што ж там можна рабіць? Я зазірнуў і ўбачыў, што некаторыя нават фільмы глядзяць. Мне гэта незразумела.

Сям'я. У мяне два ўнукі і тры ўнучкі, я іх вельмі люблю, і мне вельмі цікава, якімі людзьмі яны вырастуць. Самы малодшы ўнук (яму паўтара года), як толькі прыходжу да яго ў госці, бярэ ў рукі мяч і гуляе з ім, кідае. І калі быў нядаўні чэмпіянат свету ў Егіпце, з пачаткам гульні ён хапаў мяч і бег з ім да тэлевізара. Пакуль ён адзіны праяўляе такую цікавасць да спорту. Магчыма, гэтае дзіцячае захапленне перарасце ў нешта больш сур'ёзнае. Дзяўчаткі дакладна спортам займацца не будуць. Асабіста мне хацелася б, каб мае ўнукі сталі спартсменамі. Але ж гэта іх жыццё, і яны будуць самі выбіраць, чым займацца.

Матывацыя. Алімпійскія чэмпіёны — ненармальныя людзі. І толькі яны могуць зразумець і адчуць свае адрозненні ад звычайных людзей. Я ведаю, колькі працы стаіць за кожнай перамогай, за кожным дасягненнем. У мяне былі гульні, калі выйгравалі на апошніх секундах, ці, наадварот, прайгравалі ў апошнія імгненні. І калі дасягаеш таго, да чаго ідзеш, утвараецца пустэча. На наступны дзень прачынаешся і думаеш: «А што далей?» Але выпіваеш філіжанку кавы, і жыццё ідзе па-новаму, вымалёўваюцца новыя мэты, вяршыні, дасягненні. Прыходзіш і да іх. І зноў прачынаешся, выпіваеш кавы...

Валерыя СЦЯЦКО, "Звязда"